Фатаграфія па сутнасці сваёй — тэхналогія фіксацыі мінулага. Усё, што сфатаграфавалі, зменіцца праз кароткі прамежак часу, толькі здымак захавае памяць пра момант, калі націснулі на кнопку фотаапарата. З дапамогай фатаграфіі лёгка распавесці пра тое, як вы правялі адпачынак, адзначылі дзень нараджэння ці карпаратыў. Але зрабіць фотарасказ пра тое, як у цэнтры Еўропы зараджалася новая краіна, — складана. Для гэтага мала правільнай кампазіцыі кадра — патрэбная здольнасць цвяроза ацэньваць маштаб падзей, адчуваць і разумець час.
У аснову кнігі «Змена» ляглі фотаздымкі, зробленыя Сяргеем Брушко ў перыяд з 1988 па 1994 год: ад росквіту галоснасці ў СССР і да першых прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Гэта турбулентны і няпросты час, калі год жыцця даваў пяць гадоў досведу, калі абставіны прымушалі здзяйсняць учынкі, на якія наўрад ці мы адважыліся б цяпер. Менавіта тыя гістарычныя падзеі сталі пралогам цяперашняй беларускай дзяржаўнасці. Забыцца, як выглядала Беларусь у тую эпоху, як жыло грамадства і з якімі праблемамі сутыкаліся людзі кожны дзень, было б няправільна.
"Змена", мабыць, найлепшае слова ў беларускай мове, якое апісвае гістарычны адрэзак 1980-х–пачатку 1990-х, якое спалучае ў сабе сплаў значэнняў «перамена», «змяненне» і «працоўная змена». Сяргей Брушко, здымаючы ў перыяд станаўлення Беларусі як незалежнай краіны, усведамляў важнасць тых падзей. Ён умеў аналізаваць тое, што адбываецца пры здымцы, і ўжо падчас працы разумеў, што хацеў бы выказаць сваімі працамі. Напэўна, таму ён быў не самым шустрым фатографам падчас стварэння рэпартажаў, але займаў нетрывіяльныя кропкі для здымкі, што і дапамагло перадаць "посмак" тых падзей. У 1988 годзе, калі ён пачаў працаваць фотакарэспандэнтам у газеце "Чырвоная змена", у СССР абвясцілі курс на галоснасць, які даў магчымасць фатаграфаваць на вуліцах гарадоў. Чалавек з фотаапаратам на вуліцы ўсё яшчэ выклікаў недавер, але пасведчанне з надпісам «прэса» магло зберагчы плёнку ад засвечвання міліцыяй, а фатографа ад абвінавачванняў у спробах падрыву сацыялістычнага ладу. Менавіта гэтае невялікае паслабленне, якое прыйшло на хвалі гарбачоўскай перабудовы, давала яму магчымасць зафіксаваць, як прыходзіла ў заняпад адна сістэма і на яе месцы з'яўлялася зусім новая. Галоўным героем прац бацькі быў звычайны чалавек у пераломны момант гісторыі. Праз яго, нібы праз правадніка, Сяргей Брушко распавядае пра цяжкасці: набірае моц эканамічны крызіс, руйнуецца дзяржаўная сістэма, нагадваюць пра сябе наступствы аварыі на ЧАЭС. Кажуць, фотажурналістыка не можа быць аб'ектыўнай. Магчыма, і так, але, калі глядзіш на здымкі бацькі, можаш адчуць іх унутраную сілу і неабыякавасць да герояў, а гэта, напэўна, куды больш важныя рэчы, чым бесстароннасць у выяўленні.
Для мяне Сяргей Брушко застанецца ў першую чаргу татам. Нягледзячы на асабістае стаўленне, я ўсведамляю значнасць яго прац. Творчасць бацькі — сімбіёз мастацтва і гісторыі, які пакінуў партрэт краіны, што толькі з'явілася, і часам нам варта вяртацца і разглядаць яго для таго, каб зразумець, як мы змяніліся і наколькі пасталелі за гэты час.
Змiцер Брушко, фатограф, сын Сяргея Брушко
Больш падрабязна аб праекце і пра аўтара вы можаце прачытаць па спасылках:
Фантастические снимки Минска и Беларуси. Этот фотоальбом вам точно нужно купить – сами посмотрите
«Это кухня гласности». Развал БССР и рождение Беларуси — в фотографиях Сергея Брушко
Выходзіць кніга фатографа, чые здымкі з 90-х дагэтуль лічацца экстрэмісцкімі